АПТЫ́ЧНАЯ ПРЫЛА́ДА вымяральная, прылада, прынцып дзеяння якой заснаваны на выкарыстанні эл.-магн. хваляў аптычнага дыяпазону. З дапамогай аптычнай прылады вымяраюць лінейныя і вуглавыя памеры, некаторыя фіз. велічыні, параўноўваюць форму вырабу ці стан апрацаваных паверхняў з эталонам. Адрозніваюць рабочыя (для практычных вымярэнняў) і ўзорныя, па якіх вывяраюць рабочыя аптычныя прылады.
Асноўная частка аптычнай прылады — аптычная сістэма з лінзаў, люстэркаў, прызмаў і інш., прызначаных для ўтварэння відарысаў прадметаў на сятчатцы вока, экране і інш. або перадачы светлавой энергіі. Для іх разліку карыстаюцца формуламі геам. оптыкі. Канструкцыя прылады абумоўлена метадам вымярэнняў. Паводле прынцыпу дзеяння аптычнай прылады бываюць з аптычным візіраваннем і мех. (электронным або інш. неаптычным) адлікам перамяшчэння пунктаў кантакту з аб’ектам вымярэння (праектары, інстр. мікраскопы, праекцыйныя насадкі), аптычным візіраваннем і аптычным адлікам перамяшчэння (вымяральныя мікраскопы, інтэрферэнцыйныя кампаратары), з мех. кантактам з аб’ектам вымярэння і аптычным адлікам перамяшчэння (аптыметры, кантактныя інтэрферометры, аптычныя даўжынямеры). Выкарыстоўваюцца ў машына- і прыладабудаванні, геадэзіі і інш.
т. 1, с. 438
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)